РУ́ДНЫ АЛТА́Й,

паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)